Юлія Петрушэўская СУПАСТАЎЛЯЛЬНАЕ І ТЫПАЛАГІЧНАЕ ВЫВУЧЭННЕ ПАРЭМІЯЛАГІЧНЫХ АДЗІНАК БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ (кароткі аналітычна-бібліяграфічны агляд)

31.12.2015 10:23

Юлія Петрушэўская

г. Магілёў, Рэспубліка Беларусь

 

Супастаўляльнае і тыпалагічнае вывучэнне парэміялагічных адзінак беларускай мовы

(кароткі аналітычна-бібліяграфічны агляд)

 

Супастаўленні беларускіх прыказак з прыказкамі іншых моў не маюць у беларускім і замежным мовазнаўстве сістэматычнага характару. Праблема міжмоўных сувязей у парэміялогіі толькі пачынае асэнсоўвацца беларускімі парэміёлагамі. Гэта можна патлумачыць акрамя іншага яшчэ і тым, што ў беларускай парэміяграфіі дагэтуль не існуе зручнага ў карыстанні парэміялагічнага тэзаўруса, якія ёсць, напрыклад, у рускай, польскай, нямецкай і іншых мовах (K.F.W. Wander 1867–1880, S. Adalberg 1889–1894, J. Krzyżanowski 1969–1978, В.М. Мокиенко 2010 і інш.), існуючы акадэмічны звод беларускіх парэмій “Прыказкі і прымаўкі” (1976), падрыхтаваны М.Я. Грынблатам, не мае неабходнага даведачнага апарату, таму не можа паўнавартасна выкарыстоўвацца ў лінгвістычных даследаваннях.

Разам з тым элементы супастаўляльных даследаванняў беларускіх парэміялагічных адзінак з прыказкамі іншых моў сустракаюцца яшчэ ў І.І. Насовіча ў яго выданні “Сборникъ бѣлорусскихъ пословицъ” (1874), дзе ён у некаторых выпадках дае да беларускіх прыказак рускія адпаведнікі (выкарыстоўвае апошнія ў якасці тлумачэння прыказкавага значэння), напр.: “Переночуемъ, болѣй почуемъ. Время все откроетъ. Утро мудренѣе вечера” (стар. 126); “Пи, да вума не пропи. Пей, да дѣло разумѣй” (стар. 127); “Познаюць нашу дочку и въ андарачку. Золото и въ пеплѣ видно” (стар. 130) і да т. п.

Супастаўляльныя даследаванні парэміялагічных адзінак беларускай і іншых моў спарадычна праводзіліся ў адносінах да сербскай мовы (А.М. Саковіч), англійскай мовы (А.П. Маюк), нямецкай мовы (Г.У. Басава).

Заўважны ўклад у супастаўляльнае вывучэнне беларускіх прыказак з іншымі мовамі ўнеслі вучоныя Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова. Адным з напрамкай навуковай школы па беларускаму і агульнаму мовазнаўству, заснаванай магілёўскімі лінгвістамі ў 1945 годзе, з’яўляецца вывучэнне беларускай фразеалогіі і парэміялогіі, у тым ліку і ў супастаўляльным аспекце, якое пачало развівацца з пачатку 2000-х гадоў у межах асобнага фразеалагічнага семінара [7].

Так, у апошнія 15 гадоў супастаўляльнае вывучэнне парэміялагічных адзінак беларускай мовы паслядоўна і ў розных аспектах праводзіліся ў адносінах да такіх моў, як руская (Я.Я. Іваноў), англійская (Я.Я. Іваноў, І.С. Канавалава, Ю.А. Петрушэўская і інш.), нямецкая (Я.Я. Іваноў, Н.К. Раманава і інш.), французская (В. Біндасава і інш.), польская і іншыя славянскія мовы (Я.Я. Іваноў) [2; 3; 4; 6; 9 і інш.].У асобных даследаваннях беларускіх і іншамоўных парэміялагічных адзінак закранаецца праблема нацыянальна-культурнай семантыкі прыказак.

Варта адзначыць перакладныя беларуска-іншамоўныя і іншамоўна-беларускія парэміялагічныя слоўнікі, падрыхтаваныя і выдадзеныя ў МДУ імя А.А. Куляшова: «Беларуска-нямецкі парэміялагічны слоўнік» Я.Я. Іванова і Н.К. Раманавай (2006), «Русско-белорусский паремиологический словарь» Я.Я. Іванова і В.М. Макіенкі (2007), «Польска-беларускі парэміялагічны слоўнік» пад рэдакцыяй Я.Я. Іванова (2007), «Англа-беларускі парэміялагічны слоўнік» пад рэдакцыяй Я.Я. Іванова (2009).

Адным з вынікаў супастаўляльнага вывучэння звышслоўных адзінак беларускай і іншых моў стаў і тлумачальны слоўнік крылатых афарызмаў у беларускай мове з антычных (грэчаскіх і рымскіх), заходнееўрапейскіх (англійскіх, іспанскіх, італьянскіх, нямецкіх, французскіх і інш.), амерыканскіх (лаціна- і паўночнаамерыканскіх), усходнеславянскіх (рускіх) літаратурных і фальклорных крыніц VIII да н. э. – ХХ стагоддзяў [8]. Асобна апісаны крылатыя афарызмы ў беларускай мове з біблійных крыніц з адпаведнікамі ў англійскай, нямецкай, рускай, славацкай і ўкраінскай мовах у даведніку «Лепта библейской мудрости : библейские крылатые выражения и афоризмы на русском, английском, белорусском, немецком, словацком и украинском языках» (2014), падрыхтаваным Я.Я. Івановым у сааўтарстве з фразеолагамі з Беларусі, Германіі, Расіі, Славакіі, Украіны.

На жаль, беларуская парэміялогія за вельмі рэдкім выключэннем не апісваецца ў межах тыпалогіі моў. Адсутнасць зручнага ў карыстанні парэміялагічнага тэзаўруса беларускай мовы, як ужо згадвалася, не дазваляе звяртацца да беларускамоўнага парэміялагічнага матэрыялу. Існуючыя адзінкавыя тыпалагічныя даследаванні не выходзяць за межы параўнальнай тыпалогіі беларускай і пэўнай (найчасцей – рускай) мовы або за межы пэўнага аспекта – пераважна семантычнага [1; 5].

У 2015 годзе выкладчыкамі факультэта замежных моў МДУ імя А.А. Куляшова (Я.Я. Іваноў, Ю.А. Петрушэўская) выконваўся асобны навукова-даследчы праект (аспіранцкі грант) Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Парэміялагічная тыпалогія англійскай і беларускай моў» (дзярж. рэгістрацыя № 20151226 ад 21.07.2015 г.), па выніках якога распрацавана методыка парэміялагічнай тыпалогіі моў, вызначаны і ранжыраваны па ступені прадуктыўнасці міжмоўныя супадзенні і разыходжанні ў крыніцах паходжання, дэнататыўнай семантыцы, лексічнай арганізацыі, сінтаксічнай структуры парэмій беларускай і англійскай моў, акрэслены тыпалагічна значныя міжмоўныя супадзенні і разыходжанні, вызначана ступень тыпалагічнай блізкасці / аддаленасці парэміялагічных адзінак беларускай і англійскай моў, агульныя і нацыянальна маркіраваныя кампаненты ў беларускай і англійскай парэміялогіі (у адносінах адзін да аднаго) [10].

 

Літаратура

1. Иванов, Е. Е. Семантические типы русских и белорусских пословиц / Е. Е. Иванов, М. В. Тарасова // Даследаванні па германскай і славянскай філалогіі = Acta Germano-Slavica : зб. навук. артыкулаў / пад рэд. Я. Я. Іванова. – Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2008. – Вып. 2. – С. 188–212.

2. Иванов, Е. Е. Различия в семантике и структуре белорусских и английских пословиц / Е. Е. Иванов, Ю. А. Петрушевская // Актуальные проблемы преподавания иностранных языков в высшей школе Республики Беларусь : сб. науч. статей / под ред. Е. Е. Иванова. – Могилев : МГУ имени А. А. Кулешова, 2011. – С. 213–215.

3. Іваноў, Я. Я. Польска-беларускія парэміялагічныя паралелі / Я. Я. Іваноў // Dziedzictwo przeszłości związków językowych, literackich i kulturowych polsko-bałto-wschodniosłowiańskich. – Białystok : Wyd-wo UwB, 2000. – T. III : Językoznawstwo / pod red. nauk. J. F. Nosowicza. – S. 33–54.

4. Іваноў, Я. Я. Прынцыпы супастаўляльнага апісання афарыстычнай парэміялогіі беларускай і рускай моў / Я. Я. Іваноў // Studia sławistyczne. – 2003. – T. 4. – S. 49–55.

5. Іваноў, Я. Я. Семантычная тыпалогія афарызма ў славянскіх і германскіх мовах / Я. Я. Іваноў // Frazeologické štúdie III : k 13. kongresu slavistov v L’ubl’ane / ed. J. Mlacek, P. Ďurčo. – Bratislava : STIMUL, 2003. – S. 43–60.

6. Іваноў, Я. Я. Семантыка афарыстычных выказванняў (на матэрыяле славянскіх і германскіх моў) / Я. Я. Іваноў // Веснік Беларускага дзярж. ун-та. Серыя 4. – 2004. – № 1. – С. 63-68.

7. Іваноў, Я. Я. Фразеалагічнаму семінару – 7 гадоў / Я. Я. Іваноў // Універсітэцкі веснік. – 2008. – № 8 (132), жнівень. – С. 4.

8. Іваноў, Я. Я. Крылатыя афарызмы ў беларускай мове: з іншамоўных літаратурных і фальклорных крыніц VIII ст. да н. э. – ХХ ст. : тлумачальны слоўнік / Я. Я. Іваноў. – Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2011. – 164 с.

9. Іваноў, Я. Я. Парэміялагічныя сістэмы беларускай і рускай моў: падабенствы і разыходжанні / Я. Я. Іваноў // Філологічні студіï : науковий вісник Криворізького держ. пед. ун-ту. – 2011. – Вип. 6. – Ч. 2. – С. 53–63.

10. Петрушевская, Ю. А. Универсальное и национальное в паремиологической системе языка (на материале английского и белорусского языков) / Ю. А. Петрушевская // Даследаванні па германскай і славянскай філалогіі = Acta Germano-Slavica : зб. навук. артыкулаў / пад рэд. Я. Я. Іванова. – Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2015. – Вып. 6. – C. 213–216.