Яўген Іваноў ФРАЗЕАЛОГІЯ, ПАРЭМІЯЛОГІЯ, АФАРЫСТЫКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ І ІХ СУВЯЗІ З ІНШЫМІ МОВАМІ ЯК НАПРАМАК ДАСЛЕДАВАННЯЎ НАВУКОВАЙ ШКОЛЫ ПА БЕЛАРУСКАМУ І АГУЛЬНАМУ МОВАЗНАЎСТВУ Ў МДУ ІМЯ А.А. КУЛЯШОВА (1995–2015)
Яўген Іваноў
г. Магілёў, Рэспубліка Беларусь
Фразеалогія, парэміялогія, афарыстыка беларускай мовы і іх сувязі з іншымі мовамі як напрамак даследаванняў навуковай школы па беларускаму і агульнаму мовазнаўству ў МДУ імя А.А. Куляшова
(1995–2015)
Навуковая школа па беларускім і агульным мовазнаўстве пачала развівацца ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце (да 1998 года – педагагічным інстытуце) імя А.А. Куляшова з 1945 года, яе асноўныя традыцыі закладаліся з пачатку 1950-х па канец 1970-я гадоў вядомымі беларускімі лінгвістамі П.Я. Юргелевічам, Г.Н. Клюсавым, А.Л. Юрэвічам. У 1980-х гадах навуковая школа развівалася пад кіраўніцтвам прафесара М.В. Абабуркі, а ў наступныя дваццаць пяць гадоў – пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры беларускай мовы, заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь прафесара В.І. Рагаўцова. Традыцыі навуковай школы ў розны час развівалі заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь прафесар М.А. Аўласевіч, дацэнты С.Я. Кечык, У.С. Дзянісаў і інш., працягваюць развіваць у цяперашні час дацэнты Л.І. Шапавалава, М.П. Бузук, А.М. Шубадзёрава, С.Ф. Іванова, Д.А. Карпечкіна (Лаўшук), І.М. Ячмянёва, В.М. Шаршнёва (Саўчанка), Я.Я. Іваноў і інш.
На працягу апошніх пятнаццаці гадоў былі абаронены дзве доктарскія дысертацыі (М.В. Абабурка, В.І. Рагаўцоў), шэсць выпускнікоў МДУ імя А.А. Куляшова абаранілі кандыдацкія дысертацыі (У.С. Дзянісаў, Я.Я. Іваноў, Д.А. Карпечкіна (Лаўшук), В.М. Шаршнёва (Саўчанка), А.М. Шубадзёрава, І.М. Ячмянёва), у тым ліку чатыры з іх (У.С. Дзянісаў, В.М. Шаршнёва (Саўчанка), А.М. Шубадзёрава, І.М. Ячмянёва) пад навуковым кіраўніцтвам прафесара М.В. Абабуркі і прафесара В.І. Рагаўцова.
Дзесяць выпускнікоў МДУ імя А.А. Куляшова і яго аспірантуры завяршаюць працу над кандыдацкімі дысертацыямі: Т.А. Казімірская, Г.М. Старасціна, А.С. Сідарэнка – па мове беларускай мастацкай літаратуры і перакладу мастацкіх твораў на іншыя еўрапейскія мовы, І.С. Канавалава, Ю.А. Петрушэўская, Н.П. Пятрова – па фразеалогіі і парэміялогіі беларускай мовы і іх універсальных і нацыянальна-культурных кампанентах, А.Д. Цяплякова – па іншамоўных крылатых адзінках у сучаснай беларускай літаратурнай мове, В.А. Шпакоўская – па моўных асаблівасцях літаратурнай афарыстыкі беларускай мовы, Д.А. Доўгаль – па беларускаму моўнаму этыкету, М.У. Леднева (Козылева) – па спосабах перадачы іншамоўных антрапонімаў у беларускай мове.
Адзін з удзельнікаў навуковай школы з 2014 г. працуе за мяжой – гэта М.У. Леднева (Козылева), якая з’яўляецца старшым выкладчыкам кафедры замежных моў Маскоўскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта “Станкін” (Расія).
У межах навуковай школы па беларускаму і агульнаму мовазнаўству ў МДУ імя А.А. Куляшова развіваюцца тры асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў: (1) мова беларускай мастацкай літаратуры; (2) фразеалогія, парэміялогія, афарыстыка беларускай мовы і іх сувязі з іншымі мовамі свету; (3) пытанні тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі ў кантэксце актуальных праблем беларускага мовазнаўства.
Рознааспектнае вывучэнне фразеалогіі, парэміялогіі і афарыстыкі беларускай мовы і іх сувязей з іншымі еўрапейскімі мовамі пачало актыўна развівацца ў межах навуковай школы ў канцы 1990-х гадоў, а ў пачатку 2000-х гадоў пачаў дзейнічаць фразеалагічны семінар [1], які аб’яднаў даследчыкаў некалькіх моваўзнаўчых кафедраў універсітэта.
Асноўныя дасягненні фразеалагічнага (у шырокім сэнсе) кірунку навуковай школы можна абагульніць наступным чынам.
Упершыню ў беларускім мовазнаўстве выяўлена і лексікаграфічна апісана нацыянальна-культурная семантыка беларускіх моўных афарызмаў – прыказак і крылатых выразаў. Абгрунтаваны асноўныя метадалагічныя прынцыпы развіцця беларускага лінгвакраіназнаўства як навуковай і як лінгвадыдатычнай дысцыпліны ў дачыненні да вывучэння і выкладання беларускай мовы і як замежнай, і як другой ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму, адлюстраваныя ў навуковай манаграфіі “Сацыякультурная прастора мовы : сацыяльныя і культурныя аспекты вывучэння беларускай мовы” (Мінск, 1998). Падрыхтаваны лінгвакраіназнаўчы дапаможнік па беларускіх моўных афарызмах “Беларускія прыказкі, прымаўкі і крылатыя выразы” (Мінск, 1997).
Упершыню ў беларускім мовазнаўстве выяўлены і лексікаграфічна апісаны крылатыя выразы з іншамоўных – антычных (грэчаскіх і рымскіх), заходнееўрапейскіх (англійскіх, дацкіх, іспанскіх, італьянскіх, нямецкіх, французскіх і інш.), лаціна- і паўночнаамерыканскіх, усходнеславянскіх літаратурных і фальклорных крыніц VIII да н. э. – ХХ стагоддзяў. Вынікі даследавання адлюстраваны ў двух тлумачальных слоўніках “Крылатыя выразы ў беларускай мове” (Магілёў, 2004) і (Магілёў, 2006), у якіх кожная адзінка мае гістарычна-этымалагічны камментарый, тлумачэнне значэння, прыклады ўжывання ў мастацкіх і публіцыстычных тэкстах.
Упершыню ў беларускім мовазнаўстве выяўлены і апісаны асноўныя міжмоўныя парэміялагічныя эквіваленты беларускай і рускай, англійскай, нямецкай і польскай моў. Падрыхтаваны шэраг перакладных слоўнікаў – “Беларуска-нямецкі парэміялагічны слоўнік” (Магілёў, 2006), “Русско-белорусский паремиологический словарь” (Магілёў, 2007), “Польска-беларускі парэміялагічны слоўнік” (Магілёў, 2007), “Англа-беларускі парэміялагічны слоўнік” (Магілёў, 2009).
Упершыню ў беларускім мовазнаўстве вызначаны прынцыпы вылучэння і выяўлены асноўны парэміялагічны фонд беларускай мовы, удакладнены крытэрыі вызначэння і аб’ём парэміялагічнага мінімуму беларускай мовы, адлюстраваныя ў навуковай манаграфіі “Паремиология в дискурсе” (Москва, 2015).
Упершыню ў беларускім мовазнаўстве апісаны дыферэнцыяльныя прыметы афарызма як уласна лінгвістычнага аб’екта, вызначаны асноўныя ўласцівасці, класы і семантычныя тыпы афарыстычных адзінак беларускай мовы (у тым ліку ў параўнанні з афарыстычнымі адзінкамі іншых моў), адлюстраваныя ў навуковай манаграфіі “Дыферэнцыяльныя прыметы афарызма” (2004), вучэбных дапаможніках “Языковая природа афоризма” (Могилев, 2001), “Афарыстыка мовы мастацкага твора” (Магілёў, 2004).
Упершыню ў беларускім мовазнаўстве выяўлены і лексікаграфічна апісаны крылатыя афарызмы з усходнеславянскіх, заходнееўрапейскіх, амерыканскіх і антычных літаратурных і фальклорных крыніц VIII да н. э. – ХХ стагоддзяў. Падрыхтаваны асобны тлумачальны слоўнік “Крылатыя афарызмы ў беларускай мове” (Магілёў, 2011). Асобна апісаны беларускія крылатыя выразы і афарызмы з біблійных крыніц з адпаведнікамі ў англійскай, нямецкай, рускай, славацкай і ўкраінскай мовах ў слоўніку “Лепта библейской мудрости” (2014).
Па выніках даследаванняў фразеолагамі ўніверсітэта апублікавана 2 навуковых манаграфіі, 3 раздзела ў навуковых манаграфіях, 4 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможніка (з іх 2 з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і 1 з грыфам ВМА), 10 слоўнікаў, каля 350 артыкулаў і дакладаў у навуковых выданнях Рэспублікі Беларусь і замежжа (Балгарыі, Германіі, Казахстана, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны) [2; 3; 4].
Літаратура
1. Іваноў, Я. Я. Фразеалагічнаму семінару – 7 гадоў / Я. Я. Іваноў // Універсітэцкі веснік. – 2008. – № 8 (132), жнівень. – С. 4.
2. Іваноў, Я. Я. Мовазнаўцы Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова : агульнае і славянскае мовазнаўства (1930–2001) : біябібліягр. даведнік / Я. Я. Іваноў, В. І. Рагаўцоў ; прадм. Ул. Жураўля. – Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2002. – 360 с.
3. Иванов, Е. Е. Научные и учебно-методические работы преподавателей и студентов факультета иностранных языков МГУ имени А. А. Кулешова : 1998 – 2013 гг. : аннотир. библиогр. указатель : к 15-летию фак. иностр. языков / общ. ред. и предисл. Е. Е. Иванова. – Могилев : МГУ имени А. А. Кулешова, 2015. – 364 с.
4. Иванов, Е. Е. Белорусская паремиология конца XX – начала XXІ века (1991–2014 гг.) : библиогр. обзор / Е. Е. Иванов, Ю. А. Петрушевская // Паремиология в дискурсе / В. М. Мокиенко, Т. Г. Бочина, Е. Е. Иванов [и др.] ; под ред. О. В. Ломакиной. – Москва : Ленанд, 2015. – С. 252-292.