Надзея Пятрова АДЛЮСТРАВАННЕ РЭАЛІЙ ГІСТОРЫІ І НАЦЫЯНАЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ Ў ФРАЗЕАЛОГІІ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ
Надзея Пятрова
г. Магілёў, Рэспубліка Беларусь
Адлюстраванне рэалій гісторыі і нацыянальнай культуры ў фразеалогіі сучаснай беларускай літаратурнай мовы
Фразеалогія з’яўляецца адной з найбольш вобразных, дынамічных і архаічных падсістэм мовы. У яе адзінках захоўваюцца не толькі зніклыя ці састарэлыя словы, некратычныя ці архаічныя марфалагічныя формы і сінтаксічныя канструкцыі, але і звесткі аб мінулым і сучасным жыцці народа, яго культурных і духоўных каштоўнасцях.
У адзінках фразеалагічнага фонда сучаснай беларускай літаратурнай мовы знайшлі адлюстраванне многія рэаліі гісторыі і культуры Беларусі, нацыянальнага менталітэту і светапогляду беларусаў. Культуралагічна каштоўная інфармацыя акумулюецца ў так званай “фонавай семантыцы” фразеалагізмаў, якая ў лінгвадыдактычным аспекце вывучаецца ў межах лінгвакраіназнаўства [1]. Найбольшую лінгвакраіназнаўчую каштоўнасць маюць фразеалагічныя адзінкі ўласна беларускага паходжання, сярод якіх сустракаецца шмат фразеалагізмаў, што адлюстроўваюць рэаліі прыродна-геаграфічнай і сацыяльна-гістарычнай спецыфікі Беларусі, этнапсіхалогіі, традыцыйнай матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў і інш.
Розныя перыяды сацыяльна-гістарычнага жыцця Беларусі знайшлі свой адбітак у нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа. Адным з характэрных кампанентаў этнічнай самасвядомасці беларусаў з’яўляецца іх уяўленне пра ўласную этнічную тэрыторыю, якая акрэслена ў беларускіх фразеалагізмах адпаведнымі геаграфічнымі назвамі, напр.:
(1) у Магілёўскую губерню (трапіць, папасці, збірацца) у значэнні ‘ў замагільны свет, супрацьпастаўлены зямному жыццю (трапіць, папасці, збірацца)’ [3, с. 380-381], дзе ўжываецца назва Магілёўская губерня, якая была створана паводле загаду расійскай імператрыцы Кацярыны II пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай ў 1772 г. на далучанай да Расійскай імперыі ўсходнебеларускай тэрыторыі.
Адчуванне беларускім народам свайго агульнанацыянальнага гістарычнага мінулага таксама захавалася ў фразеалагізмах, напр.:
(2) шарварку(і) адрабляць у значэнні ‘марудліва, абыякава, без старання рабіць якую-н. справу’ [3, с. 415], дзе шарварка – прымусовая працоўная павіннасць па будаўніцтве і рамонце дарог, мастоў, грэбляў, якая існавала ў Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай у ХV–ХVIIІ стст., а таксама ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг., адраблялася сялянамі, зразумела, без асаблівай ахвоты і старання, што і стала вобразнай асновай фразеалагізацыі свабоднага словазлучэння.
Адлюстраванне рэалій традыцыйнага побыту беларусаў звязана ў фразеалогіі як з матэрыяльнай, так і з духоўнай культурай. Даволі часта ў складзе фразеалагізмаў сустракаюцца назвы традыцыйных рамёстваў, заняткаў, адзення, абутку, страў і да т. п., напр.:
(3) (клёцкі) з душамі ў значэнні ‘начыненыя мясным ці іншым фаршам з прыправамі’ [3, с. 157], дзе другі кампанент мае няслоўнікавае значэнне, звязанае са спосабам прыгатавання такіх клёцак: на тарку дралася бульба, адціскалася праз суравіну (гэтае цеста звалася “целам”), пасля рабіліся душы з крышанага мяса і сала, ці з грыбоў з прыправамі, ці таксама з кавалачка кілбасы, якія клалі ў “цела” і кідалі ў вар.
Светаўспрыманне, вераванні, народныя ўяўленні і абрады беларусаў давлі шырока адлюстраваны ў фразеалагічных адзінках, напр.:
(4) як на дзяды ў значэннях ‘1. выдатна, уволю (наесціся)’ і ‘2. вельмі многа (пра яду)’ [3, с. 433], дзе згадваецца беларускі памінальны абрад Дзяды, калі гатавалі сем-дзесяць страў, а пасля вячэры не прыбіралі са стала: пакідалі нібыта для нябожчыкаў;
(5) ведзьміна ступа ў значэнні ‘чорная віхура з тарфянога пылу’ [4, с. 124], дзе згадваецца знешняе падабенства віхуры са ступай Бабы Ягі – гаспадыні ўсіх ведзьмаў, якая можа лётаць на ступе, і, як лічылі на Палессі, “гоніць вятры і хмары вогненнай мятлою”: Мы бездапаможна стаялі сярод поля, а навакол нас уздымаліся з зямлі і вірылі лейкападобныя смерчы, ці, як іх называюць у Беларусі, ведзьміны ступы (І. Дуброўскі); вобраз ведзьмы на ступе існуе ва ўяўленнях многіх еўрапейскіх народаў, але ў беларускай мове гэты вобраз увасобіўся ў фразеалагізме.
Этнапсіхалагічныя рысы беларусаў знайшлі адлюстраванне ў шэрагу фразеалагізмаў беларускай мовы. Так, дасціпнасць, схільнасць да гульні і фантастычнага светаўспрымання беларусаў яскрава выяўляецца ў многіх устойлівых выразах каламбурнага характару, напр.:
(6) курыную сісю і тую не ўсю (ведаць, мець, атрымаць і пад.) у значэнні ‘нічога, зусім нічога не (ведаць, мець, атрымаць і пад.)’ [4, с. 124], дзе згадваецца нерэальны вобраз курынай сісі, які сам па сабе не ўяўляе нічога нацыянальна спецыфічнага, але будучы рэалізаваны ў фразеалагізме з пэўным значэннем у беларускай мове, мае безумоўную лінгвакультурную адметнасць.
Асаблівасці прыроды Беларусі прадстаўлены ў фразеалагічных адзінках назвамі прадстаўнікоў жывёльнага і расліннага свету Беларусі, напр.:
(7) як мыла з'еў (з'еўшы) у значэнні ‘з незадаволеным, кіслым выглядам, у дрэнным настроі’ [3, с. 432], дзе мыла – гэта народная назва некаторых раслін; так, “мыльнік” (Saponaria) называецца мыла, сабачае мыла, “увярэднік” (Pedicularius) – мыла, зязюльчына мыла; калі іх з’ясі карова, то яна становіцца вялая, нібыта прыгнечаная, што было заўважана беларусамі і знайшло сваё адлюстраванне ў сістэме ўстойлівых выразаў беларускай мовы.
Раслінны і жывёльны свет Беларусі і еўрапейскай часткі Расіі вельмі падобныя, але этнічнае ўспрыманне беларусамі і рускімі адніх і тых жа рэалій значна адрозніваецца. Так, рускія здаўна лічылі воўка ворагам чалавека, што знайшло адлюстраванне ў рускім фальклоры, дзе воўк – адзін з “адмоўных” герояў рускіх народных казак. Разам з тым рускія лічаць, што ў воўка цяжкае жыццё – гэта ўяўленне стала асновай выразу хоть волком вой (пра чыё-н. вельмі цяжкае, нясцерпнае становішча). У беларусаў, наадварот, існуе павер’е пра тое, што воўк, які перабег дарогу каму-небудзь, прадракае шчасце, напр.:
(8) воўк дарогу перабег (каму) у значэнні ‘вельмі шанцуе каму-н’ [3, с. 79-80].
Усе лінгвакраіназнаўча каштоўныя рэаліі, адлюстраваныя ў фондзе беларускіх фразеалагічных адзінак з нацыянальна-культурнай семантыкай, можна падзяліць на дзве групы:
1) унікальныя ў адносінах да іншых этнічных ці нацыянальных культур з’явы і заканамернасці рэчаіснасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, жывёльнага і расліннага свету Беларусі, імёны людзей, геаграфічныя назвы, якія не маюць адпаведнікаў і эквівалентаў у іншых лінгвакультурах, параўн.: (1), (2), (3), (4);
2) з’явы і заканамернасці рэчаіснасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры, жывёльнага і расліннага свету і да т. п., якія маюць месца у нацыянальных культурах іншых народаў, але ў беларускай лінгвакультуры набылі спецыфічныя інтэрпрэтацыі, параўн.: (5), (6), (7), (8).
Такім чынам, у беларускай мове існуе цэлы пласт фразеалагізмаў, у якіх на працягу ўсяго яе развіцця фіксаваўся і перадаваўся з пакалення ў пакаленне ўнікальны этнічны вопыт. Такія фразеалагічныя адзінкі маюць безумоўную лінгвакраіназнаўчую каштоўнасць і патрабуюць апісання ў спецыяльным лінгвакраіназнаўчым слоўніку, стварэнне якога з’яўляецца адной з актуальных задач сучаснай беларусістыкі.
Літаратура
1. Іваноў, Я. Я. Нацыянальна-культурная семантыка беларускай мовы і праблема яе лінгвакраіназнаўчай рэпрэзентацыі (на матэрыяле моўнай афарыстыкі) / Я. Я. Іваноў // Сацыякультурная прастора мовы (сацыяльныя і культурныя аспекты вывучэння беларускай мовы) : манаграфія / С. Ф. Іванова, Я. Я. Іваноў, Н. Б. Мячкоўская. – Мінск : Веды, 1998. – С. 33-62.
2. Лепешаў, І. Я. Слоўнік фразеалагізмаў : у 2 т. / І. Я. Лепешаў. – Мінск : БелЭн, 2008.
3. Лепешаў, І. Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І. Я. Лепешаў. – Мінск : БелЭн, 2004. – 448 с.
4. Якшук, Л. М. Назоўнікавыя фразеалагізмы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове : дапаможнік / Л. М. Якшук. – Гродна : ГрДУ, 2008. – 223 с.